У Менску выступіў легендарны „Свабодны тэатр”



У межах Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва „ТЭАРТ”, які ў дзявяты раз пачаўся ў Менску, упершыню выступіў легендарны беларускі „Свабодны тэатр”. Яго спектакль „Дом №5” прысвечаны людзям з інваліднасцю. Ён „паказвае абсалютную штодзённасць імкненняў людзей з рознымі тыпамі інваліднасці, іх усё яшчэ існуючую адчужанасць і ізаляванасць ад паўсядзённай рэальнасці”.

Перадумовы да стварэння спектаклю былі даволі доўгія, кажа яго актор Аляксей Сапрыкін:

– Мы спачатку займаліся гэтай тэмай з пункту гледжання тэатральнага актывізму. Некалькі гадоў мы праводзілі вулічныя акцыі і ўскрывалі ўсе гэтыя праблемы з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю кожны дзень. Спектакль увогуле пабудаваны на дакументальнай гісторыі. Гэта ўсё сапраўдныя гісторыі людзей з інваліднасцю. 

 

У спектаклі прымаюць удзел і людзі з інваліднасцю, што адпавядае ідэі „сведкавага тэатру”. Сярод іх і Вадзім Каложкін:

– Мне здаецца, што ўзровень пагружэння ў гэтую тэму можа быць розны. У дадзеным выпадку мы пагрузіліся на столькі, на колькі гэта было магчыма, як мне здаецца, каб гледачам было зразумела, што адбываецца на сцэне.

 

Беларусі Свабодны тэатр быў заснаваны ў Менску ў 2005 годзе і стаў адкрыта абараняць свабоду слова, ствараючы п’есы, якія прыцягвалі ўвагу аўдыторыі да забароненых у Беларусі тэмаў. Неўзабаве ўдзельнікі былі вымушаныя сысці ў падполле, і зараз яны выступаюць у гаражы аднаго з дамоў прыватнага сектара.

Беларускае Радыё Рацыя