У Менску вызначылі 5 лепшых чытальнікаў беларускай літаратуры



15 лютага стартавалі рэгіянальныя фіналы рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom». Першымі перад журы і публікай выступілі 30 лепшых юных чытальнікаў па выніках першага этапу конкурсу з Менска. Яны выканалі творы беларускіх аўтараў. 5 пераможцаў рэгіянальнага этапу ўзнагароджаны смартфонамі і будуць прадстаўляць сталіцу ў вялікім рэспубліканскім фінале конкурсу, які адбудзецца ў траўні. 

Удзельнікамі праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» у гэтым сезоне сталі вучні 7-8 класаў школ і гімназій з усёй Беларусі. На працягу 2 месяцаў удзельнікі запісвалі відэа, на якіх чыталі творы беларускай літаратуры і выкладвалі іх на свае асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Школьнікі з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін. Па выніках першага этапу журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Менска. Са сталіцы на конкурс паступіла 326 відэапрац. 

Рэгіянальны фінал у Менску прайшоў у гімназіі №4. Галоўнае, што ацэньвала журы – выразнае і чыстае выкананне твора.

У склад журы ўвайшлі пісьменнік, рэдактар ​​часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі, пісьменніца Раіса Баравікова, кiраўнiк аддзела карпаратыўных камунікацый кампанii velcom Вячаслаў Смірноў, прадстаўнік камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Вольга Кандрацьева, паэтка Маргарыта Латышкевіч. 

Спецыяльна запрошаным удзельнікам журы стала Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь – Спадарыня Крысціна Юханесан. Раней яна падтрымала праект і запісала відэа з чытаннем «Зоркі Венеры» Максіма Багдановіча. 

Ініцыятарам конкурсу выступае кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі. 

У рамках другога этапу конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» пройдуць яшчэ 6 рэгіянальных фіналаў. Графік правядзення мерапрыемстваў: Брэст – 22 лютага, Жодзіна (Менская вобласць) – 1 сакавіка, Віцебск – 15 сакавіка, Магілёў – 20 сакавіка, Гомель – 10 красавіка, Гародня – 25 красавіка. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў траўні. Пяцi лепшым юным чытальнікам краіны па яго выніках будуць уручаны смартфоны маркі Apple.