У Менску завяршыўся з’езд Саюза кінематаграфістаў
У менскім кінатэатры „Масква” завяршыўся другі, дадатковы дзень XIV з’езда Беларускага саюза кінематаграфістаў. Нягледзячы на прысутнасць міністра культуры Барыса Святлова з’езд быў сарваны асобнымі дэлегатамі выступамі ў спрэчках.
Быў пераабраны старшынём саюза папярэдні кіраўнік – акцёр Віктар Васільеў. А вось з выбарамі 11 чальцоў праўлення наменклатурны сцэнар не спрацаваў.
Распавядае дэлегат з’езда, кінадакументаліст ды рэжысёр папулярных на Беларускім тэлебачанні ў 90-х гадах тэлепраграм „Крок” ды „Крок-2” Уладзімір Міхарскі:
– Унеслі раней не ўнесенага ў спіс Зайцава. Новы сябра праўлення, хоць ён сам і стары кінематаграфіст. Карпаў сказаў: “Каб кінематограф пачаў жыць, неабходна даць магчымасць – пяць гадоў з яго не браць падаткі, тады ён заробіць грошы і ўсё верне. Другое, кінематограф не павінен уваходзіць у структуру Міністэрства культуры”.
Як вядома, на XIV з’ездзе быў раскрытыкаваны і распрацаваны па запыту ўрада праект стратэгіі кінавідэагаліны Беларусі на 2015-2020 гады. Цяпер на пытанне, што чакае кіна-Беларусь у будучыні, мусяць адказваць, у тым ліку, і сябры абноўленага праўлення грамадскай арганізацыі Беларускі саюз кінематаграфістаў.
Беларускае Радыё Рацыя