Барыс Пятровіч: Помнік Васілю Быкаву патрабуе абмеркавання
У Менску, каля Дому літаратараў, можа з’явіцца помнік Народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву. Аднак у дэмакратычнай грамадскасці, у пісьменнікаў-калегаў Быкава выклікала неразуменне і абурэнне, што гэта робіцца без абмеркавання і адкрытага конкурсу.
Адным з галоўных элементаў помніку стане зорка – сімвал камуністычнага рэжыму. Па словах кіраўніка Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча, у Менску зараз няма вуліцы Васіля Быкава, няма мемарыяльнай шыльды на доме, дзе жыў творца. І ўшанаванне яго памяці важна пачаць з гэтага.
– І вельмі сур’ёзна паставіцца да ўсталявання помніка. Трэба аб’явіць конкурс паміж скульптарамі. Трэба каб было абмеркаванне грамадскасці і сям’і пісьменніка. Гэта вельмі сур’ёзная справа. Нават калі збіраліся ў горадзе паставіць помнік карове каля Камароўкі, то быў творчы конкурс для скульптараў. А тут помнік сусветнавядомаму пісьменніку, вялікаму беларусу, і раптам без абмеркавання з’яўляецца гэты адзіны варыянт з гэтай савецкай сімволікай, якую не дужа любіў Васіль Уладзіміравіч.
Таму паспешлівае ўсталяванне помніка будзе супярэчыць элементарнай логіцы. Барыс Пятровіч спадзяецца, што інфармацыя аб гэтым праекце падыме ў грамадстве хвалю абмеркавання. „Калі ў дзяржавы сапраўды ёсць жаданне паставіць помнік Быкаву, то ён будзе пастаўлены. Але не гэты, а той, які зробяць сур’ёзныя скульптары пасля сур’ёзнага абмеркавання”, – спадзяецца Барыс Пятровіч
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У цэнтры Менска хутка можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву. Як піша газета „Звязда”, макет скульптуры ўжо гатовы. Ягоныя аўтары – скульптар Аляксандр Батвінёнак і архітэктар Армен Сардараў. Манумент плануецца ўсталяваць побач з Домам літаратара на вуліцы Румянцава, дзе зараз месціцца праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Дарэчы, ініцыятарам усталявання помніка выступіў старшыня гэтага саюзу Мікалай Чаргінец. Па словах аўтараў, навакольная прастора будзе зменена. Адным з элемэнтаў кампазіцыі стане чырвонаармейская зорка.
Паводле zviazda.by