У Мінкульце абмяркоўвалі “новае жыццё” Старога замка
У Міністэрстве культуры Беларусі адбылося пасяджэнне грамадскай рады, на якім абмяркоўваўся праект рэстаўрацыі Старога замка ў Гародні. У праекта ёсць не толькі прыхільнікі. Сваёй нязгодай з прапанаваным архітэктурным рашэннем з нашым карэспандэнтам падзяліўся супрацоўнік Інстытута гісторыі Мікалай Волкаў.
– Зараз у нас ёсць праект рэстаўрацыі замка, распрацаваны архітэктарам Уладзімірам Бацько. І архітэктар, і ўлада, якая прасоўвае і фінансуе гэты праект, хочуць збудаваць прыгожы замак. Яны не схільны разглядаць крытыку – ні станоўчую, ні адмоўную. Яны вось хочуць гэтую мадэль, гэты макецік паставіць, і ўсё. Але зразумейце, што гэты макет не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці. Вось такая ў мяне пазіцыя.
Убачыць, якім, магчыма, стане Стары замак у Гародні, калі спрэчны праект будзе рэалізаваны, можна ў гарадскім парку, дзе пабудаваны яго макет.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота dimon-porter.livejournal.com