Ў-моўны клуб ад Моладзі БНФ



Ў-моўны клуб – новая ініцыятыва Моладзі БНФ, накіраваная на тое, каб згуртаваць людзей, зацікаўленых у вывучэнні роднай мовы, даць ім магчымасць папрактыкавацца ў ёй, падцягнуць свой ровень валодання беларускай мовай, а таксама добра, цікава і галоўнае з карысцю для сябе правесці час у беларускамоўным асяроддзі.

Асаблівасць Ў-моўнага клуба, а таксама яго галоўная перавага над іншымі падобнымі ініцыятывамі ў тым, што заняткі праходзяць досыць лёгка і нефармальна, удзельнікам не прыходзіцца закапвацца ў падручніках, рабіць нейкія хатнія заданні, што безумоўна падабаецца людзям.

Вядома, што нашмат цікавей вывучаць родную мову падчас душэўных размоў і прагляду фільмаў пад гарбату з печывам, чым пісаць шматлікія практыкаванні і зубрыць тэорыю з падручнікаў, як гэта практыкуюць на занятках у школах, што толькі знішчае ў моладзі любое жаданне размаўляць па-беларуску. Таму, напэўна, Ў-моўны клуб і выклікае такі інтарэс: заняткі ўспрымаюцца хутчэй як адпачынак, чым як навучанне, што вельмі прываблівае людзей. Важна адзначыць, што кожны ўдзельнік клуба можа размаўляць на тым узроўні, на якім умее, ніхто не будзе крытыкаваць вас за нейкія моўныя памылкі ці трасянку„, – паведамляюць арганізатары клуба.

Пакуль  мерапрыемствы праходзяць толькі ў Менску, кожны тыдзень па аўторках на офісе Партыі БНФ, але паступова ініцыятыва будзе распаўсюджвацца і на іншыя гарады. У суботу адбудзецца першая сустрэча Ў-моўнага клуба ў Віцебску. Усю неабходную інфармацыю пра тое, як запісацца ў клуб, калі ён будзе адбывацца і дзе, можна знайсці на сайце: moladzbnf.info і ў суполцы Моладзі БНФ у Кантакце.

Фота vk.com/u_mouny_club