У Мсціславе ўшануюць Янку Бялькевіча
У горадзе Мсціславе ўшануюць найвыдатнейшага беларускага мовазнаўцу Янку Бялькевіча (1883-1960), які быў першым дырэктарам Мсціслаўскага беларускага педагагічнага тэхнікума ў 1925-1927 гадах.
Пра гэта паведаміў краязнавец Уладзімір Кажамяка, які летась склаў кнігу згадак і даследаванняў пра Янку Бялькевіча. На імя Уладзіміра Кажамякі прыйшоў ліст з Мсціслаўскага райвыкамкама, дзе паведамляецца, што “райвыканкам атрымаў заключэнне з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб мэтагоднасці стварэння і ўстаноўкі памятнай дошкі ў гонар І.К. Бялькевіча. У бліжэйшы час будзе распрацаваны эскізны праект памятнай дошкі і ўзгоднены ў Магілёўскім абласным мастацка-экспертным савеце па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Пасля атрымання адпаведнага заключэння будзе вырашана пытанне аб стварэнні дошкі”.
Нагадаем, што ў 1930-м годзе Янку Бялькевіча, які быў родам са Слонімшчыны, беспадстаўна абвінаваціў сталінскі рэжым, і саслаў яго на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Там працу над беларускай філалогіяй яму замянілі працай на лесапавале. А потым беларус працаваў на самых розных работах.
Янка Бялькевіч вельмі хацеў вярнуцца на Беларусь, але да канца жыцця на гэта не атрымаў дазволу. Сэрца не вытрымала такой знявагі. За месяц да смерці яго рэабілітавалі, а ў кастрычніку 1960 года даследчыка нашай мовы не стала. Пасля смерці Янкі Бялькевіча, жонка даследчыка і педагога Ніна Улашчык і сын Усяслаў у 1970 годзе выдалі яго “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны”. Ён з’яўляецца да сённяшніх дзён багатым зборам лексікі жывой народнай мовы насельніцтва усходняй часткі Магілёўскай вобласці. Слоўнік змяшчае каля 20 тысяч слоў.
Цяпер, па словах Уладзіміра Кажамякі, пытанне вырашаецца наконт ушанавання Янкі Бялькевіча на Слонімшчыне, скуль ён быў родам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя