У Музеі Вольнай Беларусі пакажуць украінскі спектакль „Гульня”



Спектакль пра дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны пакажуць у Варшаве. Пастаноўка мае назву „Гульня” і была створаная па матывах сербскай п’есы „Сямейныя гісторыі” Біляны Србляновіч.

Рэжысурай займалася ўкраінская творца, выкладчыца Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатра, кіно і тэлебачання імя І.К. Карпенкі-Карага Святлана Дарончанка.

Менавіта яна сёння і стала сёння „Госцяй Рацыі” ды распавяла нашаму карэспандэнту асаблівасці спектаклю.

РР: У суботу нас чакае паказ спектаклю „Гульня”.

– Гэта п’еса сербскай аўтаркі Біляны Србляновіч, якая была напісана ў 1998 годзе на фоне вайны ў Сербіі. Яна вельмі падобная да таго, што зараз адбываецца ва Украіне. Таму мы вырашылі трохі перапісаць гэты матэрыял. Аўтарка дала нам на гэта дазвол і мы перапісалі. Зараз мы граем пра вайну ва Украіне, але мы пакінулі сербскія імёны дзяцей, якія з’яўляюцца галоўнымі дзеючымі асобамі нашага спектаклю.

РР: Ці глядзела спадарыня Біляна гэтыя папраўкі? Ці рэдагавала неяк?

– Не. Яна не ўносіла ніякіх зменаў. Яна сказала, што аддае нам гэта ўсё і што мы можам рабіць усё, што заўгодна. Яна нам давярае і ад яе быў такі вельмі цёплы ліст са словамі падтрымкі. Яна сказала, што аддае нам правы і мы можам перапісваць, як захочам.

РР: Акторы, гэта жанчыны. Хоць там ёсць і мужчынская роля.

Гэта не мужчынскія ролі, гэта ролі хлопчыкаў. Дзеючыя асобы нашага спектаклю – гэта дзеці. Дзеці, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях. У нас ёсць дзве дзяўчынкі і два хлопца. Узрост гэтых дзяцей недзе 10-11 гадоў. Я думала, што знайсці такіх хлопцаў тут нам будзе вельмі складана. Граць дарослым хлопцам, якія ўжо выглядаюць не як падлеткі, бо яны дарослыя хлопцы, нават калі студэнты творчага ВНУ, гэта будзе неяк трохі недарэчна. У нас дзявочая кампанія, такая інтэрнацыянальная. У нас дзве студэнткі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэатру, кіно і тэлебачання імя Карпенкі-Карага і адна студэнтка Тэатральнай акадэміі імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве. Яна незвычайная студэнтка тэатральнай акадэміі, бо яна полька, але вучылася ў нашым ВНУ ў Кіеве і добра ведае ўкраінскую мову. Калі яна паехала паступаць, а яна вельмі хацела вучыцца ва Украіне. Яна вывучыла мову, у яе ёсць лёгкі акцэнт, але я паважаю, бо яна вывучыла мову дасканала. Яшчэ ў нашай камандзе адна дарослая акторка Кацярына Фарэнюк. Яна прафесійная акторка тэатру і тэлебачання, але яна вельмі арганічна ўлілася ў нашу згуртаваную кампанію.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Пастаноўку пакажуць 21-га студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal 11). Пачатак у 18.30.

Сродкі, сабраныя на падзеі, будуць накіраваныя беларускім ваярам ва Украіну.

Са Святланай Дарончанка размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя