У музей Берасця трапілі ўнікальныя дакументы



12 копій планаў Брэст-Літоўска пачатку XIX стагоддзя папоўнілі экспазіцыю Музея гісторыі горада Берасця.

Прадстаўленыя дакументы даюць магчымасць вызначыць месцазнаходжанне ў Старым горадзе (які знаходзіўся на тэрыторыі цэнтральнай частцы Брэсцкай крэпасці) найбольш знакавых будынкаў: замку, ратушы, культавых збудаванняў, палацаў, знесеных у 1830-х пры ўзвядзенні крэпасці, а таксама ўбачыць старажытны горад у іншым гістарычным ракурсе і маштабе.

2

Першы план датаваны 1802 годам. На ім ёсць і імёны жыхароў, чые дамы загінулі падчас пажару, які здарыўся ў тым годзе. Адзін з дакументаў падпісаны расейскім імператарам Аляксандрам I – у 1811-м царом была зацверджана новая планіроўка горада. Дзіўна, але на цяперашнім Цэнтральным востраве крэпасці меркавалася зладзіць нешта падобнае сістэме «стрыт» і «авеню», строга перпендыкулярных адзін аднаму. Яшчэ адзін план (ад 1825 году) прадугледжваў абарону будучай крэпасці пры дапамозе штучнай паводкі – без ўзвядзення ўмацаванняў.

Музей атрымаў унікальныя дакументы ў выніку сумеснага праекта з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Берасці і Цэнтральным архівам старадаўніх актаў у Варшаве.  Як адзначыла дырэктар музея Святлана Тамчук, доступ для азнаямлення з новымі паступленнямі не абмежаваны.

Вечерний Брест