У Налібаках знайшлі манету Рымскай імперыі



Краязнаўца з Івянца Валеры Мазура выпадкова знайшоў у вёсцы Налібакі Стаўпецкага раёну старую манету. З уступнай экспертызы вынікае, што знаходцы больш за 1700 гадоў і яна была бітая ў Рымскай імперыі.

Некалькі дзён таму івянецкі краязнаўца прыехаў у Налібакі, каб пабачыць і сфатаграфаваць месца пажару ў пачатку 17 стагоддзя. У 1622 годзе вёска была спаленая шведамі і, мяркуецца, пасля гэтага яе аднавілі побач з гістарычным цэнтрам. 

На аверсе манеты выяўлены рымскі імператар Марк Аўрэлій Север Аляксандр.  Ён заняў трон 13-гадовым хлопцам. Мяркуецца, што трапіў на трон у выніку шматгадовых інтрыг яго маці, Юліі Мамеі, і бабулі, Юліі Месы, і што жанчыны кіравалі за яго. На рэверсе манеты – бог вайны Марс.

Амаль ідэнтычная манета на сайце Амерыканскага таварыства нумізматаў датуецца 226 годам. 

Як манета магла апынуцца ў Налібаках? Магчыма, падчас сплаву па рацэ ў даўнейшыя часы нехта яе згубіў. А можа яна трапіла ў налібацкую зямлю і ад саміх рымлянаў, мяркуе краязнаўца. 

“Гэтае месца апісваў Герадот, самае вядомае месца ў ваколіцы – возера Кромань” – гаворыць краязнаўца. 

Пасля экспертызы Валеры Мазура хоча перадаць манету і іншыя знаходкі ўладам Налібацкага сельскага савету для краязнаўчага музею, які там плануецца стварыць.  

Паводле аднаго з самых вядомых беларускіх нумізматаў Валянціна Рабцэвіча, першыя антычныя манеты, як вынік знешніх эканамічных сувязяў ўсходнееўрапейскіх плямёнаў, з’явіліся на зямлі сучаснай Беларусі ў канцы II-пачатку III ст. н. э. У сваёй кнізе „Пра што распавядаюць манеты” ён піша, што большасць знаходак антычнага біцця выяўлены на захадзе Беларусі.

nalibaki.org