У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца круглы стол “Беларускія пераклады Бібліі”
1 снежня а 11 гадзіне ў зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, пам. 346) пачне работу круглы стол “Беларускія пераклады Бібліі”, прымеркаваны да 95-годдзя выдання першай біблейскай кнігі на сучаснай беларускай мове.

У межах круглага стала адбудуцца:
· прэзентацыя факсімільнага выдання першага перакладу біблейскай кнігі на сучасную беларускую мову “Паводле Лукі Святое Евангелле”, якое выйшла ў 2021 г. у выдавецтве Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі;
· прэзентацыя перакладу Евангелля, які выканаў брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч (першае выданне 2021 г.);
· цырымонія перадачы рукапісаў перакладу Бібліі Уладзіслава Чарняўскага ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі
Беларусі.
Гасцям будзе прадстаўлена невялікая выстаўка каштоўных дакументаў па гісторыі перакладаў Бібліі на беларускую мову. Удзел у мерапрыемстве прымуць айчынныя мовазнаўцы, гісторыкі, выкладчыкі, перакладчыкі, выдаўцы, багасловы, царкоўна- і свяшчэннаслужыцелі розных канфесій.
Паводле прэс-рэлізу
