У нацыянальным конкурсе „Лістапада-2017” прыме ўдзел 31 фільм



У нацыянальным конкурсе XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю „Лістапад” прыме ўдзел 31 фільм, паведаміў на прэс-канферэнцыі каардынатар нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк.

Мікалай Лаўранюк расказаў, што на ўдзел у нацыянальным конкурсе было пададзена больш за 90 заявак. Арганізатары стараліся адабраць лепшае з лепшага, кіно, якое адпавядае сучасным тэндэнцыям, кіно, за якое не сорамна. У творчым спаборніцтве ўдзельнічаюць работы вядомых майстроў і маладых рэжысёраў.

На нацыянальным конкурсе ігравога кіно заяўлена 9 карцін. Сярод іх прэм’ера – зняты на Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм” кінаальманах „Мы”, у які ўвайшлі пяць навел маладых рэжысёраў, аб якіх можна гаварыць і спрачацца. Фільм, на які арганізатары раяць звярнуць увагу, – „Заўтра” Юліі Шатун. Гэта карціна ўдзельнічае таксама ў конкурсе „Маладосць на маршы” і, на думку крытыкаў, дастойна ўпісваецца ў палітру сучаснага еўрапейскага кіно. Ужо вядомае імя Улады Сяньковай – рэжысёр не першы раз удзельнічае ў конкурсе і на гэты раз таксама пастараецца не расчараваць гледача сваёй новай работай Paranoid Android.

У конкурсе дакументальнага кіно будуць удзельнічаць 12 карцін, анімацыйнага – 10.

Паводле слоў Мікалая Лаўранюка, нацыянальная праграма – адна з важнейшых на кінафестывалі, яна аб’ядноўвае беларускае кіно з сусветным, упісвае яго ў міжнародны кантэкст. Вельмі важна, што ацэньвае карціны міжнароднае журы (яго ўзначаліць у гэтым годзе вядомы беларускі рэжысёр Юрый Гарулёў), паказы наведваюць нямала гасцей, а пасля „Лістапада” многія фільмы прадаўжаюць сваё фестывальнае жыццё.

Пазаконкурсная праграма нацыянальнага кіно „Беларуская панарама” ўключае шэсць карцін. Фільм адкрыцця нацыянальнай праграмы – дакументальны пазаконкурсны фільм „Залатая маска” рэжысёра Анатоля Алая.

Паказы фільмаў нацыянальнага конкурсу „Лістапада-2017” адбудуцца ў кінатэатры „Беларусь” 7-9 лістапада.

XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль „Лістапад” пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам „Ісціна, любоў і прыгажосць”. Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года – Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „АРТ Карпарэйшн”. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм”, Беларускага саюза кінематаграфістаў.

belta.by