У Наваградку прэзентавалі “Стольны град”



У  Наваградскай раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя першага літаратурнага альманаха “Стольны град”.

Утульная зала раённай бібліятэкі поўнасцю запоўнілася неабыякавымі людзьмі, аматарамі паэзіі і добрага беларускага слова. Вядучая Святлана Абдулаева распавяла пра працу над альманахам, давала слова аўтарам. Тыя ў сваю чаргу дзяліліся з прысутнымі успамінамі і вершамі. Гучалі песні на словы Самсона Пярловіча ў выкананні хору ветэранаў “Радасць”. Песні на словы Святланы Абдулаевай прагучалі ў выкананні мясцовай спявачкі Юліі Піваварчык і былога выкладчыка музычнай школы, кампазітара Марыі Даронінай. Некалькі песень выканала і сама Святлана Абдулаева пад гітару. Гледачы цёпла і прыхільна сустракалі аўтараў, гучалі шчырыя воплескі, смех і нават выгукі “брава”. Прысутнічаў на сустрэчы і вядомы дзятлаўскі краязнаўца Валерый Петрыкевіч, які выказаў вялікую ўдзячнасць усім аўтарам альманаха за працу. Сустрэча расцягнулася болей, як на дзве гадзіны, але людзі не разыходзіліся. Сваю падзяку выказала ўсім і гасцінная гаспадыня раённай бібліятэкі Ірына Царук. Мерапрыемства скончылася падпісаннем кніг, фотаздымкамі, цёплай гарбатай і добрым настроем.

Нагадаем, што зборнік “Стольны град” цалкам складзены з твораў сучасных мясцовых аўтараў, якія паходзяць з Наваградчыны, жылі ці жывуць тут і ўслаўлялі родную зямлю. Выпуск першага Наваградскага літаратурнага альманаха адбыўся, дзякуючы руплівасці спадара Станіслава Судніка – старшыні Лідскага ТБМ імя Францыска Скарыны, актыўнай працы мясцовай паэткі Святланы Абдулаевай і дапамозе Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Карэктарскую працу і прадмову зрабіў Васіль Кузьміч – былы рэдактар раёнай газеты “Новае жыццё”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак

Фота аўтара