У Наваградку з’явіцца помнік вялікаму князю Міндоўгу



Легендарны Міндоўг быў заснавальнікам, першым вялікім князем Вялікага княства Літоўскага, а таксама ягоным першым і адзіным каралём (каранацыя адбылася ў 1253 годзе). У Наваградку, сталіцы ВКЛ, з’явіцца помнік Міндоўгу. Як хутка – залежыць ад неабыякавых беларусаў.

Помнік плануецца ўсталяваць за пазабюджэтныя сродкі. Таму Наваградскі райвыканкам адкрыў дабрачынны рахунак у банку. Па стане на 23 траўня 2019-га было сабрана 14 285,89 рубля. З гэтай сумы 10 тысяч рублёў было выплачана скульптару Сяргею Бандарэнку за стварэнне эскізнага праекта.

Другі этап – выраб рабочай мадэлі помніка Міндоўгу, якую неабходна падаць на Рэспубліканскі мастацка-экспертны савет. Папярэдні кошт мадэлі – 26 тысяч рублёў. Паколькі на рахунку засталося 4 285,89 рубля, неабходна сабраць яшчэ амаль 22 тысячы.

Пасля заключэння мастацка-экспертнага савета пачнуцца будаўніча-мантажныя работы па ўзвядзенні помніка.

tut.by