У назве вуліц – гісторыя горада
На пяці цэнтральных вуліцах Берасця могуць з’явіцца шыльды, альбо пюпітры з іхнымі гістарычнымі назвамі. Адбудзецца гэта ў межах праекта “У назве вуліц – гісторыя горада”, які рэалізуе мясцовы Музей гісторыі горада, Берасцейская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка і газета “Вячэрняе Берасце”. Падрабязней апавядае дырэктарка музея Святлана Тамчук:
– Галоўная мэта нашага праекту – увекавечванне гістарычных тапонімаў горада. Вуліцы настолькі часта мянялі свае назвы ад таго, як мянялася ўлада, а знаходзячыся на мяжы, яна мянялася часта. І ў першую чаргу пачыналі перайменаванне вуліц. Калі мы ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі, былі адны назвы вуліц, калі ўвайшлі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, – другія назвы вуліц. Я маю на ўвазе нашу гістарычную частку. Мы не бярэм наш сярэднявечны горад, які быў зруйнаваны.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Найперш шыльды, альбо пюпітры з’явяцца на праспекце Машэрава, вуліцах Гогаля, Карла Маркса, Савецкай і Міцкевіча. Гэта закране перыяд з ХІХ па ХХІ стагоддзі. “Праект гэты доўгатэрміновы, а таму, пазней, падобныя шыльды могуць з’явіцца і на іншых вуліцах горада”, – зазначыла Святлана Тамчук. На якой мове будуць гістарычныя назвы вуліц і суправаджальная інфармацыя пра іх, рэалізатары праекту не ўдакладнілі.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота brestcity.com
