У невялікім пакойчыку на ўскраіне Слоніма…



Да 115-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі Наталлі Арсенневай.

Беларуская паэтка Наталля Арсеннева нарадзілася 20 верасня 1903 года ў г.Баку на Каўказе. Бацька яе паходзіў з таго ж роду Арсенневых, які па жаночай лініі даў рускага паэта Міхаіла Лермантава. Адразу пасля нараджэння дачкі бацькі яе пераязджаюць у Вільню, дзе будучая паэтка вучыцца спярша дома, а пасля ў Віленскай гімназіі.

У 1922 годзе Наталля Арсеннева выходзіць замуж за штабс-капітана царскай арміі, беларускага вайсковага і палітычнага дзеяча, сябра Беларускай вайсковай камісіі ў 1918-1920-х гадах Францішка Кушаля (1895-1968), які ў 1920 годзе перайшоў на службу ў польскую армію. Кушаля накіроўваюць ў 79-ы польскі пяхотны полк імя Льва Сапегі, які дыслацыраваўся ў Слоніме. Кажучы словамі паэткі, “наступнай восенню у невялікім пакойчыку на ўскраіне Слоніма, над спавітаю ў сцюдзённыя туманы Шчараю” яна спявала ўжо калыханку свайму першаму дзіцяці, чарнавокаму Яраславу”. Так з канца 1922 да сярэдзіны 1924 года Наталля Арсеннева жыла з мужам у Слоніме. Тут гадавала двух сыноў і пісала вершы. У Слоніме былі напісаны паэтычныя творы “Мэта жыцця”, “Шчасце”, “Калыханка”, “Снег падаў” і іншыя. Вось страфа з верша “Калыханка”:

Ноч рассыпала зораў агні,

Ў сінім небе яны патанулі…

Спіць усё, й ты, маленькі, засні.

Люлі, люлі, сыночак мой, люлі…  

Летам 1943 года Наталля Арсеннева зноў наведала Слонім. Тут яна сустракалася са слонімскімі паэтамі, выступала з вершамі ў Народным доме.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя