У Нью-Ёрку выйшаў з друку штогоднік “Беларус”
Літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус” пабачыў свет у Нью-Ёрку. Гэта ўжо восьмая па ліку кніга твораў, якую склаў Марат Клакоцкі.
Сёлетні “Беларус” адкрываецца артыкулам “Функцыя захавання”, які напісала галоўны рэдактар альманаха “Запісы БІНіМ” Наталля Гардзіенка, падкрэсліваючы, што “Беларус” працягвае традыцыі літаратурных беларускіх выданняў замежжа “Шыпшына”, “Сакавік” і “Конадні”.
Вядоўцам прэзентацыі альманаху ў Нью-Ёрку быў Сяржук Сокалаў-Воюш:
– Альманах сапраўды выходзіць ужо даўжэйшы час, і даўжэйшы час ён з’яўляецца адзіным падобным выданнем. Эміграцыя ёсць паўсюль, яна вельмі вялікая, але Марат Клакоцкі рэдактар гэтага альманаху здолеў аб’яднаць беларусаў з цэлага свету. У адным гэтым альману ёсць і з далёкага замежжа, і з блізкага замежжа, прадстаўнікі самых розных зямляцтваў, самых розных аб’яднанняў, розных краінаў.
“Беларус-2014” багаты на літаратурныя творы розных жанраў. Свае новыя вершы на суд чытачоў вынеслі Лявон Баравы, Зміцер Давыдзенка, Пятро Мурзёнак, Юрась Шамецька, Іна Снарская, Алег Рудакоў, з новымі перакладамі выступаюць на старонках альманаху Віталь Зайка і Сяржук Сокалаў-Воюш. Цікавыя ўспаміны апублікавалі Дзмітры Шатыловіч, Валянціна Якімовіч, Валянцін Стэх. Арыгінальныя п’есы публікуе Алег Мінкін. Шырока ў альманаху прадстаўлена проза – Віталь Воранаў, Якуб Лапатка, Эмігідыюш Рыжы, Цімох Ліякумовіч і іншыя аўтары.
Першая прэзентацыя чарговага, восьмага па ліку, “Беларуса” адбылася 25 кастрычніка ў Нью-Ёрку ў Міжнародным Доме Маракоў на Манхэтане падчас пасяджэння БАЗ «Пагоня».
Беларускае Радыё Рацыя