У памяць Тадэвуша Рэйтана – чарговы „ДАХ”



Фестываль сучаснага беларускага мастацтва сёння, 20 жніўня, праходзіць у старажытнай шляхецкай сядзібе роду Рэйтанаў, якая ўяўляе помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца XVIII — пачатку XX стагоддзя.

Фестываль сучаснага мастацтва „ДАХ” прысвечаны памяці знакамітага дзеяча Тадэвуша Рэйтана, які, згодна гістарычным звесткам, пахаваны ў капліцы на тэрыторыі сядзібы.

Імпрэза праходзіць ў вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці.

Распавёў арганізатар Зміцер Юркевіч:

– Гэта ўжо пяты, юбілейны, фестываль, які мы праводзім у Грушаўцы. Роўна пяць год таму мы заклалі падмуркі правядзення і летніка на радзіме Тадэвуша Рэйтана ў яго сядзібе, і адначасова фестываля. Звычайна пасля летніку праходзіць наш фестываль, які мы прысвячаем памяці нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Гэты наш фестываль называецца “ДАХ” і, як правіла, у ім удзельнічаюць нашыя сябры, якія разумеюць, каму прысвечаны наш фестваль.

У праграме фестывалю «ДАХ» лекцыі пра Тадэвуша Рэйтана і яго знакамітых сваякоў.

Таксама запланаваныя тэматычныя мастацкія выставы “Род Рэйтанаў. Асобы падзеі” Алеся Родзіна і Змітра Юркевіча, „Рэтраспектыва твораў Уладзіміра Крукоўскага”, гульні і майстар-класы па фехтаванні і кулінарыі.

У музычнай частцы фэсту выступяць  Re1ikt,  Віктар Сямашка і Кумпанія, Тодар Кашкурэвіч ды іншыя.

[Not a valid template]

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Мікола Ляшкевіч