У парку ля фантана гучалі вершы
Супрацоўнікі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа арганізавалі і правялі літаратурную сустрэчу на свежым паветры пад назвай “У парку ля фантана”.
У Слонімскім гарадскім парку, побач са славутым каналам Агінскага, сабраліся тутэйшыя паэткі і паэты, каб пазнаёміць прысутных са сваімі новымі паэтычнымі творамі. У асноўным на літаратурную сустрэчу прыйшлі творчыя людзі старэйшага ўзросту. Сярод іх былі і тыя, хто выдаў ужо па адным-два зборнікі вершаў.
У гарадскім парку каля канала Агінскага гучалі вершы пра каханне, пра любоў да сваёй зямлі і людзей. Былі нават паэтычныя радкі і пра каронавірус.
Сярод слонімцаў знайшліся і людзі, якія проста любяць мастацкае слова, яны чыталі вершы сваіх любімых аўтараў.
У гэты дзень гучала і музыка, і песні мінулых гадоў, а таксама ўсе ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы частаваліся тортам і халодненькім квасам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара