У Паўночнай вежы Гальшанскага замка адкрыюць музей



Паўночную вежу Гальшанскага замка сёння рыхтуюць да музеефікацыі. У спецыялістаў складанае «аўтэнтычнае» заданне: падкрэсліць у інтэр’еры арыгінальныя дэталі XVII стагоддзя, якія распавядалі б пра былых уладальнікаў — Сапегаў, паведамляе АНТ.

Сродкі на аб’ект — амаль паўмільёна рублёў — паступілі з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва. Паўночную вежу ўжо адрэстаўравалі.  «Зорны» звод рэстаўратары сабралі, нібы пазл, па «пяшчаных» фрагментах.

Кажа дырэктарка Краязнаўчага музея імя Багушэвіча Алена Жасткова:

— Захаваліся «пяткі» ў выглядзе галоў барана. Яны будуць адкрытыя, зразумелыя. Захаваўся камін. Будзе адкрыта задняя частка. Яна адмыслова застаецца задымленай. У гэтай зале зойме сваё годнае месца гальшанская кафля: паліхромная, паліваная.

Экспазіцыя пачнецца са склепа. Круты спуск, як у Мірскім замку. Там сустракаць гасцей  будзе Белая Дама – самы вядомы прывід ў Беларусі. 

Гаворыць намесніца старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевіч:

— З фонду прэзідэнта выдзелена 498 тысяч рублёў. Гэта дазволіць нам працягнуць рэстаўрацыйныя работы і музеефікацыю Паўночнай вежы Гальшанскага замка. Сёння распрацавана ўжо папавярховая канцэпцыя, узгоднена мастацкае рашэнне.

Турысты змогуць падняцца на вышыню па лесвіцы ўздоўж паўночна-заходняга фасада. Адсюль позірку адкрываецца ўсё тое, што засталося ад замка, і іншыя прыгажосці Гальшан. Назіральную пляцоўку на трэцім ярусе вежы яшчэ абсталююць падзорнай трубой.