У Пінску адмовіліся ад урачыстасцяў у гонар Капусцінскага



90-годдзе сусветнавядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусцінскага пад забаронай. У Пінску планаваліся ўрачыстасці прысвечаныя знакамітаму земляку, між іншага ўсталяванне шыльды ў будынку былой школы, дзе працавалі бацькі пісьменніка і ён сам пайшоў у першы клас, а таксама шэраг выстаў, экскурсій. Бліжэй да юбілею ініцыятары ад усяго адмовіліся, маўляў так ім рэкамендавалі ў органах дзяржбяспекі. 

На думку краязнаўцы Эдварда Злобіна, куды важней, што памяць пра Капусцінскага жыве сярод пінчукоў:

– Безумоўна, інтэлігенцыя, адукаваныя людзі гэта разумеюць, хто такі Капусцінскі, што гэта вядомая асоба. Можа быць, не ведаюць, чым ён займаўся, але само паняцце Рышард Капусцінскі – Пінск, яно ёсць.

Рышард Капусцінскі нарадзіўся ў Пінску 4 сакавіка 1932 года ў сям’і педагогаў. У ходзе Другой Сусветнай вайны разам з бацькамі перабраўся ў Польшчу. У апошнія гады жыцця неаднаразова наведваў горад дзяцінства, ўзгадваў родны Пінск у сваіх творах, шчыра ганарыўся месцам свайго нараджэння. Дарэчы ў горадзе ёсць вуліца, якая мае яго імя.

Беларускае Радыё Рацыя