У Пінску адзначаюць 88-годдзе Рышарда Капусцінскага



У Пінску ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя 88-годдзю сусветна вядомага польскага журналіста і пісьменніка Рышарда Капусцінскага. Ён нарадзіўся 4 сакавіка 1932 года ў Пінску.

Традыцыйна ў гэты дзень прадстаўнікі грамадскасці ўскладаюць кветкі да мемарыяльнай шыльды на доме, дзе нарадзіўся Капусцінскі, а таксама польская супольнасць арганізоўвае літаратурныя вечарыны.

“Гэта была вельмі шчырая і адкрытая асоба”, – узгадвае земляка жыхарка Пінска Хрысціна Каліноўская:

– Была асабіста знаёмая з Рышардам Капусцінскім з 1996 года, калі ён першы раз прыехаў у Пінск. Гэтае імя перш за ўсё для мяне ўвасабляе чалавека, з якім можна было пагаварыць пра ўсё. Чалавека з вялікай літары. Чалавека вельмі сціплага, які пранікаўся жаданнем дапамагчы другому чалавеку, падказаць яму.

Акрамя мемарыяльнай шыльды на доме, дзе нарадзіўся пісьменнік, у Пінску ёсць вуліца, названая імем знанага ўраджэнца, а на старажытных могілках захавалася пахаванне бабулі Капусцінскага.  

Беларускае Радыё Рацыя