У Пінску адзначылі 60-годдзе Анатоля Шушко
У Пінску літаратурна-музычнай імпрэзай адзначылі 60-годдзе пісьменніка, філолага Анатоля Шушко. Гэта адная з тых нямногіх асобаў на Палессі, якая турбуецца і прасоўвае беларушчыну ў паўсядзённае жыццё. Менавіта таму арганізатары назвалі вечар “Гучыць слова земляка над роднаю старонкай…”.
Анатоль Шушко пачаў пісаць вершы са школьных гадоў і першыя свае творы дасылаў у рэдакцыю беларускага радыё на літаратурна-драматычную перадачу “Крылы”, якую вёў знаны беларускі крытык Уладзімір Анісковіч.
Уздым беларушчыны і вяртанне да роднай мовы – наперадзе, лічыць юбіляр:
– Гэта прыходзіць з часам. Зараз ёсць хлапцы і дзяўчаты, якія шчыра клапоцяцца пра беларушчыну. Я думаю, што ўсё яшчэ наперадзе.
Анатоль Шушко скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў настаўнікам. Аўтар кніг паэзіі «Выток і прычасце», вершаў у калектыўным зборніку «Маладыя галасы» ды альманаху «Дзень паэзіі».
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя