У Пінску адзначылі дзень народзінаў Рышарда Капусцінскага
Пінск ушанаваў памяць вядомага рэпарцёра Рышарда Капусцінскага, які нарадзіўся тут, у сталіцы Палесся, 83 гады таму. Ягоная сям’я пакінула Пінск, калі яму было пяць гадоў, але Капусцінскі ўжо ў сваім дарослым жыцці ніколі не забываў горад, у якім нарадзіўся, прысвяціў яму асобнае месца ў сваёй творчасці.
Адзначэнне дня народзінаў пісьменніка ў горадзе над Пінай стала традыцыяй, кажа супрацоўніца пінскай бібліятэцы Алена Рамановіч.
– Пінск для яго шмат значыў. У апошняй кнізе Капусцінскага гаворыцца, на колькі ён любіў Пінск. Ён хацеў напісаць кнігу пра Пінск. Ён сюды ўвесь час вяртаўся. У яго дома была паліца, на якой ён збіраў матэрыялы пра Пінск. Мясцовы рэпарцёр Іна Дземід увесь час дасылала яму матэрыялы пра горад. Ён хацеў напісаць кнігу. Ён вельмі любіў свой горад. Калі вы чыталі яго “Імперыю”, то яна пачынаецца менавіта з успамінаў пра Пінск.
У Пінску пахаваная бабуля Капусцінскага, а на доме, дзе ён нарадзіўся, знаходзіцца шыльда ў гонар Капусцінскага. Акрамя гэтага, сёлета ў Пінску павінна з’явіцца вуліца імя знанага польскага публіцыста.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя