У Пінску хочуць знішчыць унікальны гістарычны аб’ект



У Пінску ліквідуюць унікальны гістарычны аб’ект – былы будынак турмы – які звязаны з легендарнай акцыяй па вызваленні вязняў ў студзені 1943 года. Тады польскія падпольшчыкі начале з Янам Піўнікам, пераапранутыя ў афіцэраў СС, захапілі пінскую турму і вызвалілі закладнікаў, якіх катавалі нацысты.

Гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін падкрэслівае, што студзеньская аперацыя 1943 года мае значэнне для гісторыі Другой Сусветнай вайны:

– Акцыя настолькі вядомая, і не толькі ў польскай гістарыяграфіі, наогул, у гістарыяграфіі Другой Сусветнай вайны. Акцыя была вельмі знакавая і мела шырокі розгалас. І зараз пазбаўляцца чарговага гістарычнага аб’екта, якім цікавяцца турысты?  Невядома каму прыйшла такая недарэчная ідэя.

Сапраўды, акцыя па захопе Пінскай турмы стала прыкладам для выведкі і войск спецыяльнага прызначэння. Нацысты, каб адпомсціць падпольшчыкам, закатавалі 30 жыхароў Пінска, пераважна гэта інтэлегенцыя польскага паходжання.

Аперацыю добра спланавалі, назіралі два тыдні за аховай вязніцы, сітуацыяй вакол і склалі унутраны план будынка.

Гадзіна Х надыйшла 20 студзеня. Дзве аўтамашыны пад’ехалі да турмы, на той момант ужо была перарэзана тэлефонная сувязь з горадам. Каля брамы спыніўся «Opel» з нумарам «Pol», што азначала паліцыю. Пачуўшы шум, вартаўнік праз акенца выглянуў на вуліцу. Ён пабачыў афіцэра СС – гэта быў Ян Піўнік (мянушка «Пануры») і прапусціў машыну.

Далей усё разгортвалася літаральна ў некалькі хвілін. «Opel»  заехаў у вузкі тунэль, з яго выскачылі падпольшчыкі, апранутыя ў чорныя скураныя паліто без знакаў СС. Гэта насцярожыла вартаўніка і ён адмовіўся прапускаць групу далей. Яго без шуму ліквідавалі і неўзабаве ўнутраную браму адкрываў наступны вартаўнік. АКаўцы абяззброілі і звязалі ахову, у камендатуры забралі ключы ад камер. Забілі некалькі нацыстаў, сярод якіх быў начальнік турмы Гелінгер і яго намеснік Зельнэр. Пасля вызвалення вязняў дыверсійная група пакінула Пінск.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск