У Пінску на трох гістарычных будынках з’явіліся шыльды з QR-кодам



У Пінску на трох гістарычных будынках, па ініцыятыве мясцовых чыноўнікаў, з’явіліся інфармацыйныя шыльды з QR-кодам. Гэта былая гімназія, касцёл Карла Барамеўша і дзеючы праваслаўны Свята-Варварынскі кафедральны сабор. Такім чынам у гарадскім выканкаме лічаць, што зроблены істотны ўнёсак у папулярызацыю гістарычнай спадчыны.

Але на думку краязнаўцы Эдварда Злобіна перагружаць аб’екты мінуўшчыны нейкімі шыльдамі-знакамі не верта:

– Навамодныя шыльды з QR-кодамі. Я не бачу асаблівага сэнсу ў іх устаноўцы. А па-другое, нагрувашчванне на самім помніку – гэта не толькі немэтазгодна, але і няправільна. Хтосьці са знаёмых спрабаваў, даволі складана, шмат лішніх аперацый на смартфоне.

Краязнаўца перакананы, што больш карысці – побач з аб’ектамі ўсталёўваць звычайныя інфармацыйныя шыльды на некалькіх мовах, бо перадусім гэта цікава замежным турыстам.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота: pinsk.gov.by