У Пінску паўстане касцёл святога Бенедыкта
У Пінску да канца кастрычніка плануюць завершыць будаўніцтва касцёла святога Бенедыкта – апякуна Еўропы. Урачыстасці прымеркаваныя да 90-х угодкаў стварэння Пінскай дыяцэзіі. 28 кастрычніка 1925 года пры згодзе Ватыкана біскуп Зігмунд Лазінскі заснаваў каталіцкую епархію на Палессі.
Касцёл святога Бенедыкта ў Пінску закладзены ў новым мікрараёне горада, і магчыма яго з’яўленне паспрыяе развіццю камунікацыі.
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка адзначыў, што касцёл будуюць “усім светам”:
– Святы Бенедыкт з’яўляецца не толькі заснавальнікам манаскай супольнасці, але таксама ён фармаваў еўрапейскую культуру. Ягоны дэвіз: “Маліся, працуй і нясі людзям надзею!” Будоўля – гэта таксама сведка веры, людзі адкладваюць са сваіх пенсій, са сваіх заробкаў.
Гэта першая каталіцкая святыня, якая з’явіцца ў горадзе над Пінай за апошнія сто год. Дагэтуль Пінск толькі губляў хрісціянскія храмы, так ў сярэдзіне мінулага стагоддзя бальшавікі знішчылі самы вялікі касцёл на землях былога Вялікага княства Літоўскага – касцёл святога Станіслава.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Скрыншот youtube.com