У Пінску пройдуць «Каласавіны»



З нагоды 135-годдзя Якуба Коласа на Піншчыне, у вёсцы Пінкавічы, адбудзецца літаратурна-паэтычнае свята “Каласавіны”. Урачыстасці пройдуць у суботу на базе Народнага музея імя Якуба Коласа. Галоўныя ўдзельнікі мерапрыемства – школьнікі, якія падрыхтавалі тэатралізаваныя сцэнкі з твораў класіка айчыннай літаратуры.

Упершыню свята адзначылі 10 гадоў таму і падрыхтаваліся літаральна напярэдадні дня нараджэння Коласа, узгадвае адна з арганізатарак Жанна Верыч:

І мы на наступны дзень самі спяклі дома вялікі каравай, сабралі дзяцей. Яны стаялі і крычалі ў нацыянальных касцюмах: «Свежыя навіны, у нас – «Каласавіны»!» І мы адзначылі «Каласавіны». Я чытала свае вершы. Настолькі было цікавае свята. Мы самі зрабілі яго.

На Піншчыне ўрачыстасці з нагоды 135-годдзя Якуба Коласа будуць ладзіцца на працягу ўсяго лістапада, кульмінацыяй жа стане агульнарэгіянальнае свята, запланаванае на 9 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя