У Пінску пройдзе “Фэст экскурсаводаў”
На выходных, 13-га і 14-га красавіка ў Беларусі дзесяты раз адбудзецца “Фэст экскурсаводаў”. Па ўсёй краіне запланавана звыш 300 бясплатных экскурсій.
Так у Пінску, сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі, шпацыр па гістарычнай часцы горада зладзіць вядомы эксперт турыстычнай галіны Таццяна Хвагіна:
– Апошнія гады збіраецца па 40-50 чалавек на экскурсіі. Гэта яшчэ не такая колькасць, як у Менску, дзе дзясяткі экскурсій і цэлая армія экскурсаводаў стаіць. Але ж Пінск не такі вялікі, як Менск. І таму я маю такую думку, што ў некаторыя гарады, не меншыя за Пінск, увогуле яшчэ гэтая традыцыя не прыйшла.
Ідэя “Фэста экскурсаводаў” нарадзілася ў 2009 годзе і прымеркаваная да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў. Даведацца сёлетнюю праграму Фэста магчыма на сайце festguides.by.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота natatnik.by