У Пінску ўшанавалі памяць Рышарда Капусцінскага
Нягледзячы на забарону правядзення мерапрыемстваў з нагоды 90-годдзя сусветна вядомага польскага пісьменніка Рышарда Капусцінскага, у Пінску ўдзячныя землякі ўшанавалі яго памяць.
Група аматараў мінуўшчыны здзейсніла экскурсію па слядах сям’і Капусцінскіх, якія пакінулі горад падчас Другой сусветнай вайны. Дагэтуль у Пінску захаваліся дамы, дзе жыў Рышард з бацькамі, школа ды магіла ягонай бабулі. Краязнаўца Эдвард Злобін гаворыць, што малая радзіма ўсё жыццё была ў сэрцы Капусцінскага:
– Для яго Пінск – гэта насамрэч пачатак. Піна – гэта рака, якая панесла яго ў далёкае, вялікае жыццё. Канешне гэта дзяцінства. Як ён увогуле з’явіўся ў Пінску? Калі ўпершыню ён прыехаў, зайшоў да нас у касцёл, не вельмі шмат людзей было. Калі ён сказаў, хто ён і як ён тут апынуўся, хтосьці памятае гэтую сям’ю, знайшліся людзі, якія прыгадалі гэтую сям’ю.
Рышард Капусцінскі нарадзіўся ў Пінску 4 сакавіка 1932 года. Напачатку лютага ў горадзе з’явіўся аргкамітэт па святкаванню ягонага 90-годдзя. Запланавалі правядзенне выстаў, канферэнцый і ўсталяванне мемарыяльнай шыльды на будынку колішняй школы, дзе выкладалі бацькі пісьменніка, а ён пайшоў у першы клас. За некалькі дзён да юбілею ўрачыстасці адмянілі па патрабаванню КДБ.
Беларускае Радыё Рацыя