У Пінску высветлілі, у якой царкве браў шлюб Якуб Колас



У Пінску ўжо дакладна ведаюць, у якой царкве браў шлюб класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Як вядома, “бацька” сучаснай беларускай літаратуры ажаніўся з настаўніцай Марыяй Каменскай у горадзе над Пінай у чэрвені 1913 года. Тут жа праз год нарадзіўся першы сын Даніла.

1-14-741-3

Доўгі час былі спрэчкі ў якой царкве браў шлюб Колас і частка краязнаўцаў лічыла, што той святыні ўжо няма, але храм захаваўся. Свята-Варварынская царква дзейнічае дагэтуль і вельмі шануецца праваслаўнымі.

Рэдактар часопіса “Гістарычная Брама” Аляксандр Ільін адзначыў, што Пінск даў Коласу асабістае і творчае жыццё, а Колас прынес у Пінск беларушчыну:

– Пінск – горад шматкультурны. Уплыў беларускай культуры тут пачаўся менавіта з прыезду сюды Якуба Коласа. З яго пачалася беларуская старонка ў гісторыі Пінска.

Мясцовыя ўлады прапанавалі ўвекавечыць факт шлюбу Коласа ў Пінску праз усталяванне на царкве альбо на яе тэрыторыі шыльды. Ініцыятыва ўзгадняецца з Менскам.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота hram.by