У Пінску заклікалі здаваць непатрэбныя кнігі ў бібліятэкі
Захаваць і зберагчы. У Пінску бібліятэкі да канца года аб’явілі акцыю “У дар ад чытачоў”. Сэнс у тым, каб гараджане перадалі ў бібліятэкі кнігі, якія не маюць каштоўнасці для сям’і. У апошнія гады кніга ўсё менш займае ганаровае месца ў хатах грамадзян, саступаючы іншым сродкам інфармацыі, таму ёсць магчымасць добраахвотна папоўніць фонды бібліятэк.
Пры неабходнасці выданні адрэстаўруюць і яны займуць належнае месца ў сховішчы. „Сучасныя тэхналогіі не выцясняць друкаванае слова,” – перакананая бібліятэкар Ірына Паўлавец.
– Не думаю, што кампутар выцесніць кнігу як носьбіт інфармацыі. Усё ж такі чытанне кнігі – гэта больш інтымны працэс. Можна зрабіць закладку, вярнуцца да цікавага месца, можна ўзяць з сабой у вандроўку. Калі людзі прывучаныя да чытання з дзяцінства, калі яны сапраўды любяць кнігу, то яны ёй не здрадзяць.
Бібліятэкары перакананыя, што кніга не канкурэнт сучасным інфармацыйным тэхналогіям, бо мае традыцыю і з’яўляецца важным атрыбутам культурна-навуковага жыцця.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя