У Пінску з’явіцца вуліца Рышарда Капусцінскага
У сталіцы Палесся – Пінску з’явіцца вуліца ў гонар вядомага ва ўсім свеце польскага публіцыста і журналіста Рышарда Капусцінскага (1932-2007). У горадзе над Пінай, 4 сакавіка 1932 году, нарадзіўся “імператар рэпартажу”. Хоць Капусцінскі і пакінуў родны Пінск у сем год, але ніколі не забываў палескія мясціны. Сталіцу Палесся журналіст наведваў некалькі разоў і адлюстраваў у сваіх творах.
87-гадовая пінчанка, Хэлена Шаламіцкая асабіста знала Капусцінскага і ягоных бацькоў.
– Рышард Капусцінскі – вельмі блізкі і вельмі дарагі нам чалавек. Гэта яго родны горад, ягоныя любімыя мясціны, ён тут паўсюль. Усе здзіўляюцца, Пінск – гэта ж невялікі горад, але як Капусцінскі быў натхнёны ім. Ён яго папулярызаваў паўсюль і заўсёды казаў: я паходжу з Пінска, гэта мой родны горад, гэта маё Палессе. Ён любіў усё Палессе.
Вуліца Капусцінскага ў Пінску будзе адной з цэнтральных у новым мікрараёне гораду. Яна стане працягам праспекту Жалтоўскага.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота instpol.by