У Полацку гаварылі пра сэксуальную рэвалюцыю ў Савецкай Беларусі



“Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917-1929 гг.” – прэзентацыя  кнігі беларускага гісторыка, музеёлага, прафесара Аляксандра  Гужалоўскага адбылася ў Полацку. Яна прайшла ў межах  адукацыйнага курса “Жывая мова”. Сустрэчу з гісторыкам арганізаваў інфармацыйна-культурны цэнтр “ІніцыАрт” сумесна з Полацкім  гарадскім аб’яднаннем Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Паводле Аляксандра Гужалоўскага, над стварэннем кнігі ён працаваў тры гады, і праца гэтая была даволі складаная:

– Трэба было зазірнуць у нябачныя паверхі гісторыі – гэта прыватныя адносіны людзей. Адлюстраванне іх вельмі цяжка знайсці ў гістарычных дакументах альбо на старонках перыядычных выданняў. Тым не меньш, я здолеў гэта зрабіць у пэўнай ступені. Я развеяў сам для сябе стэрэатыпы беларусаў як пра цнатлівы, сціплы народ, які вельмі стрыманы ў дэманстрацыі сваіх пачуццяў і вельмі закрыты ў плане дэманстрацыі асабістага жыцця. Вось у 20-я гады гэта было не так. Былі беларускія нудысты, былі групавыя шлюбы, былі адкрытыя пошукі ў галіне сямейна-шлюбных адносін, было ўсё.

“Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917-1929 гг.” –  першае спецыяльнае даследаванне радыкальных змен у сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальным жыцці беларускага грамадства пасля бальшавіцкага перавароту 1917 г. У ім раскрываецца шмат цікавых аспектаў з жыцця вядомых і невядомых беларусаў.

Кніга напісаная на багатым фактычным матэрыяле, аўтар дае больш за 700 спасылак на архіўныя дакументы, газеты і часопісы.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара