У Полацку падрыхтавалі выставу да 85-годдзя Генадзя Бураўкіна
Да 85-гадовага юбілею Генадзя Бураўкіна 28 жніўня ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку запрацуе выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці вядомага паэта, дзяржаўнага дзеяча, першага прадстаўніка незалежнай Беларусі ў ААН.
Ягоны лёс непасрэдна звязаны з Полацкам, які стаў яму найдаражэйшым месцам на ўсё жыццё і якому не раз ён прысвячаў свае вершы, гаворыцца ў анатацыі на сайце Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Менавіта з Полацку, куды сям’я паэта пераехала з Расоншчыны, бярэ пачатак літаратурная творчасць Генадзя Бураўкіна.
«Лірыка творцы напоўненая шчырасцю і сардэчнасцю, таму нездарма на многія вершы паэта напісаныя папулярныя песні: «Зачарованая мая», «Белы снег», «Малітва» ды іншыя. А пад «Калыханку» на словы Генадзя Бураўкіна вырасла не адно пакаленьне маленькіх беларусаў», — адзначаюць арганізатары імпрэзы. Нельга абысці і актыўную грамадскую і дзяржаўную дзейнасць Генадзя Бураўкіна на пасадах старшыні Дзяржкамітэту тэлевізіі і радыёвяшчаньня БССР, дэпутата Вярхоўнага Савету БССР, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, намесніка міністра культуры, старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і г.д.
На выставе пад назвай «І ў любві да цябе я ня раз буду клясьціся…» будуць экспанавацца разнастайныя выданні, прадметы, фатаздымкі з фондаў музея-запаведніка, а таксама з асабістага збору сям’і Бураўкіных.
Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёну на Віцебшчыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі філалагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.
Працаваў на Беларускім радыё, у газеце «Літаратура і мастацтва», карэспандэнтам газеты «Правда» па БССР, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць».