У Полацку памёр стваральнік прыватнага музея пра савецкую эпоху Мікалай Панкрат
Памёр вядомы палачанін Мікалай Панкрат, заснавальнік прыватнага музея пра савецкую эпоху.

Мікалай Панкрат быў вядомы сваёй вялікай калекцыяй артэфактаў, звязаных з гісторыяй СССР і не толькі. Яго прыватны музей наведалі больш за 15 тысяч чалавек з сямі дзясяткаў краін свету. Уваход быў бясплатным. Стваральнік музея прызнаваўся журналістам, што далёкі ад камуністычных ідэй і не хацеў бы вяртання ў Савецкі Саюз, але захоўваць памяць аб тым часе вельмі важна.
«Добра было б у Беларусі знайсці каго-небудзь, хто б працягнуў маю справу. А прадаць гэтую калекцыю дзеля ўзбагачэння – гэта ўсё роўна што сябе не паважаць. <…> Гэта памяць пра нашых продкаў, якія жылі ў савецкую эпоху», – казаў Мікалай Панкрат.
У пачатку 2018 года з музеем адбылася непрыемная гісторыя: міліцыя канфіскавала ў Мікалая Панкрата нібыта выкрадзеныя ўзнагароды часоў Другой сусветнай вайны, а потым высветлілася, што гэта была памылка і ніхто медаляў не выкрадаў. Экспанаты вярнулі законнаму ўладальніку, але пасля таго інцыдэнту Мікалай Панкрат вырашыў закрыць свой музей.
