У Полацку прайшла вечарына, прысвечаная Пятру Васючэнку
З літаратуразнаўцам, пісьменнікам, драматургам Пятром Васючэнкам Полацак развітаўся адмысловай вечарынай.
На саракавіны па ім у Музей беларускага кнігадрукавання сабраліся сваякі, сябры, калегі, аматары яго творчасці. Гучалі ўспаміны, песні, вершы-прысвячэнні.
Жонка пісьменніка Ніна Здановіч адзначыла, што Пятро Васючэнка быў вялікім патрыётам Беларусі і ўсё рабіў дзеля яе лепшых дзён:
– Пятро да канца сваіх дзён заставаўся казачнікам. Ён верыў і любіў казку, ён заставаўся рамантыкам. Таму я таксама жадаю вам, каб у вашай душы заўсёды жыла казка, каб вы верылі ў дабро. Калі ў дабро верыш, то яно акумулюецца, і калі-небудзь гэта дабро апынецца ў нашай Беларусі. Няхай жыве тая Беларусь, дзеля якой працаваў Пятро.
Наваполацкая пісьменніца Ірына Жарнасек перакананая, што творчая спадчына Пятра Васючэнкі будзе запатрабаваныя шматлікімі пакаленнямі беларусаў:
– Вось гэтая багатая спадчына, яна ж засталася, яна ж ёсць, яна ж працуе далей. Яна жыве далей, жыве, значыць жыве Пятро з намі, сярод нас. Так што ён робіць сваю справу – гэта класна, гэта цудоўна.
Выступоўцы на вечарыне ўпэўнена казалі, што ў Полацку абавязкова з’явіцца вуліца Пятра Васючэнкі і помнік яму.
Вечар памяці закончыўся батлеечным спектаклем наваполацкага тэатра-батлейкі „Капялюш” паводле кнігі Пятра Васючэнкі „Жылі былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя