У Полацку правялі імпрэзу, прысвечаную гімну горада



Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў полацкім Краязнаўчым музеі адбылася імпрэза, прысвечаная гімну горада, падчас якой прэзентавалі каляндарык з тэкстам гімна. Яго выдала полацкая суполка Таварыства беларускай мовы. А ініцыятарам выступіла намесніца старшыні суполкі Валянціна Крук.

Валянціна Крук: Гэта ўжо наша даўняя традыцыя. Трынаццаты год спаўняецца сёлета. Мы выдаем календары полацкай тэматыкі. І вось узнікла ідэя стварыць гэты каляндар. Знайшліся добрыя людзі, якія дапамаглі – і стварыць макет, і нашая тыпаграфія на чале з Мікалаем Сяргеевічам Ільюшонкам пайшла насустрач. І вось мы маем каляндарык з гімнам Полацка.

РР: А як вы яго будзе распаўсюджваць?

Валянціна Крук: Ну, напрыклад, сёння на мерапрыемстве, на прэзентацыі. А таксама сярод сяброў Таварыства беларускай мовы. Напэўна распаўсюд каляндарыка – гэта не цяжка зусім.

РР: А мерапрыемства, каб правесці ў музеі прэзентацыю каляндарыка, гэта вы прыдумалі?

Валянціна Крук: Так. Але вельмі хутка, актыўна адгукнулася Ірына Пятроўна Воднева, якая дала згоду і быць вядоўцай, і напісаць сцэнар, і самой правесці ў сценах установы, якой кіруе. Я думаю, што Краязнаўчы музей – гэта як раз тое месца, дзе трэба гаварыць пра Полацак.

РР: І гэты каляндарык можа тут захоўвацца ў фондах, напэўна.

Валянціна Крук: Безумоўна. Дарэчы, усе нашы календары захоўваюцца ў полацкім гісторыка-культурным запаведніку, каб гэта было назаўсёды.

РР: А вашыя календары звычайна прысвечаныя да нейкай падзеі? Я бачыў, што некаторыя прысвечаны полацкім паэтам, кампазітарам. Гэта адмыслова робіцца? Напрыклад, да юбілеяў?

Валянціна Крук: Так, рабілася да юбілеяў, калі канкрэтнаму нейкаму чалавеку, адметнаму палачаніну. Можна на нашых календарах убачыць і выявы помнікаў, і архітэктурныя збудаванні, і грэка-каталіцкую царку, яе не кожны ведае ў Полацку, бо знаходзіцца на ўскраіне горада, а таксама касцёл. Але пры адборы сюжэта я заўсёды кіравался тым, што нейкім чынам выява на календары павінна мець дачыненне да распаўсюду беларускай мовы ў Полацку.

РР: То бок гэтыя каляндарыкі папулярызуюць і беларускую мову, і Полацак таксама.

Валянціна Крук: Безумоўна. Менавіта так мы імкнемся рабіць.

Пасля таго як удзельнікі імпрэзы атрымалі ў падарунак новы каляндарык, усе разам праспявалі гімн роднага горада.

Аўтарамі гімна горада Полацка з’яўляюцца кампазітар Тамара Гамановіч і паэт Алесь Аркуш, які на імпрэзе распавёў пра гісторыю стварэння гэтага музычнага твору.

[Not a valid template]

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара