У Полацку прэзентуюць беларускамоўны «Псалтыр»



У Полацку прэзентуюць багаслужбовае выданне «Псалтыра», пераклад на беларускую мову якога зрабіў айцец Аляксандр Надсан. Прэзентацыя адбудзецца 6 жніўня ў грэка-каталіцкім храме святой Параскевы Полацкай.

Кажа адзін з арганізатараў прэзентацыі Мікола Шарах:

– Аб’ява ў інтэрнэце ёсць. Асаблівых запрашэнняў не рабілі. Будзе на пачатку служба. Прыйдуць нашыя парафіяне. Калі ёсць жадаючыя, няхай прыходзяць. “Псалтыр” нядаўна выдадзены, раней ён не выдаваўся. Былі іншыя выданні. Ведаю, што будзе на прэзентацыі архімандрыт Сяргей Гаек.

Дзень прэзентацыі выбраны не выпадкова. Першую друкаваную кнігу беларусы атрымалі 6 жніўня 1517 года. Пераклад на старабеларускую мову біблійнай кнігі «Псалтыр» быў здзейснены і надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе. У полацкай прэзентацыі возме ўдзел спявак Арцём Сітнікаў, які выканае псалмы і духоўныя песні. Пачатак а 18-й гадзіне.

139395

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя