У Полацку сабраліся даследчыкі Паддзвіння
У Полацку працягваюць адзначаць юбілеі. Летась тут урачыста адзначылі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзе першай згадкі Полацка ў летапісах. Сёлета Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт адзначае 50-годдзе сваёй наўноўшай гісторыі. Гэтай падзеі прысвечана міжнародная навуковая канферэнцыя „Беларускае Паддзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў”, якая пачала сваю працу ў Полацку 19 красавіка.
Гэта ўжо чацвёртая падобная канферэнцыя, кажа кандыдат гістарычных навук, старшыня адной з секцый канферэнцыі Сяргей Шыдлоўскі.
– Гэты год для нас з’яўляецца асаблівым. Мы будзем святкаваць 50-годдзе нашага ўніверсітэта. І з гэтым звязаныя і асаблівыя адносіны да дадзенай канферэнцыі. Яна з’яўляецца для нас ужо традыцыйнай. Гэта чацвёртая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная гістарычным, этналагічным, антрапалагічным даследаванням беларускага Паддзвіння. Да нас традыцыйна прыязджаюць даследчыкі як з Беларусі, так і з Расеі, Латвіі, Літвы, Польшчы.
У прывітальным слове рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Лазоўскі сказаў, што сёння яны адзначаюць 50-годдзе найноўнай гісторыі ўніверсітэта, аднак ПДУ лічыць сябе пераемнікам Полацкага езуіцкага калегіюма, у мурах якога і знаходзіцца гуманітарны факультэт універсітэта, а як вядома полацкі калегіюм быў заснаваны ў 1581 годзе. Такім чынам, як адзначыў Лазоўскі, ПДУ – найстарэйшая беларуская вышэйшая навучальная ўстанова.
[Not a valid template]
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара