У Полацку – выстава Нінэль Шчаснай



Лёс Нінэль Шчаснай звязаны з Полацкам не толькі месцам нараджэння. Хоць і жыла мастачка ў Менску, але заўжды яе прыцягваў горад маленства. У 2004 годзе Нінэль Шчасная была адзначана званнем Ганаровы грамадзянін Полацка. Тут, у Полацку, захоўваецца асноўная частка яе мастацкай спадчыны, якую яна асабіста перадала гораду.

У полацкай Мастацкай галерэі адкрылася выстава твораў Нінэль Шчаснай з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама частка работ, перададзеных ёю роднаму гораду ў памяць пра сябе.

Бацька мастачкі, Іван Шчасны, ў 30-ыя гады выкладаў у Полацкай педвучэльні. Уратаваць сябе і сям’ю актыўнаму прыхільніку беларусізацыі ўдалося дзякуючы невядоваму добразычліўцу, які папярэдзіў настаўніка аб запланаваным арышце. Іван Шчасны разам з сям’ёй таемна з’ехаў у Расеі і такім чынам абмінуў гулаг.

Дачка Івана Шчаснага ў сваёй творчасці ўсё жыццё трымалася бацькоўскага запавету. Яна аўтарка шматлікіх карцін, прысвечаных беларускім пісьменнікам – Максіму Багдановічу, Уладзіміру Дубоўку (яшчэ ў 1973 годзе), Аркадзю Куляшову, Максіму Танку, Нілу Гілевічу, Івана Шамякіну і многім іншым. А таксама і самому Полацку, і яго гісторыі. Аздобіла сваімі малюнкамі шмат кніг.

Выстава будзе працаваць у полацкай Мастацкай галерэі да 23 лістапада.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя Фота Таццяны Козік