У Польшчы выйшаў новы раман Уладзіміра Няклаева



Раман „Гэй Бэн Гіном” аднаго з найбольш вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Някляева ня змог выйсці ў Беларусі з увагі на самое прозвішча аўтара, але таксама і на тэматыку.

Раман пісаўся ў 2016-2020 гадах, між іншым, у Менску, Маскве, Вільні і Нью-Ёрку.

Кніга на беларускай мове выдадзена ў Польшчы Фондам Kamunikat.org

Па палітычных прычынах перадаць яе ў Беларусь будзе вельмі цяжка альбо нават і нерэальна.

Таму Фонд Kamunikat.org  арганізуе цыкл прэзентацый рамана з удзелам Уладзіміра Някляева і беларускага барда Тодара Вайцюшкевіча ў гарадах, якія з’яўляюцца найбуйнейшымі цэнтрамі беларускай эміграцыі ў Польшчы і Літве, каб новы раман вядомага беларускага пісьменніка дайшоў да асяроддзя беларускай меншасці.

Раман мае дзве галоўныя сюжэтныя лініі. Цэнтральны герой першай – народны паэт Беларусі Янка Купала, жыццё якога абарвалася ў чэрвені 1942 года ў сталіцы савецкай імперыі ў выніку падзення ў лесвічны пралёт гатэля “Масква”. Дакументы пра смерць Купалы дагэтуль засакрэчаныя, што дае падставы для некалькіх версій, хоць большасць даследчыкаў пагаджаюцца, што гэта было арганізаванае спецслужбамі забойства.

Аднак Уладзімір Някляеў піша не дакументальнае расследванне, а раман, у якім волею аўтара забітага паэта ажыўляюць у сакрэтнай сталінскай лабараторыі. Янка Купала не толькі трапляе на ўласнае пахаванне, але і размаўляе ў высокіх крамлёўскіх кабінетах са сваімі магчымымі забойцамі, а таксама з самім Сталіным. У выніку паэт разам з аўтарам прыходзяць да высновы, што ў адносінах творцы і дэспатычнага ўладара магчымыя ўсяго два варыянты: скарыстаць ці ліквідаваць. Альбо ліквідаваць, папярэдне скарыстаўшы, што, па сутнасці, і адбылося з Янкам Купалам.

Галоўны герой другой сюжэтнай лініі рамана – малады беларускі паэт Віктар Маргер, студэнт маскоўскага Літаратурнага інстытута, які вядзе багемнае жыццё, крыху дысыдэнтствуе, але найбольш франдзіруе, што выяўляецца і ў ягонай працы качагарам. Выпадковае знаёмства, а затым інтымныя стасункі з Ганнай, дачкой аднаго з кіраўнікоў СССР, набліжаюць Магера да ўлады і нараджаюць у яго фантазіі пра магчымасць паўплываць на далейшую хаду савецкай гісторыі. У прыватнасці, малады паэт марыць пра тое, каб змясціць з пасады Леаніда Брэжнева, які ўжо стаіць на парозе старэчага маразму. Урэшце такія наіўныя летуценні прыводзяць Віктара Магера да глыбокай душэўнай драмы.

У гэтым сюжэце выразна праглядаюцца падзеі з багатай і часам супярэчлівай аўтабіяграфіі самога Уладзіміра Някляева (дарэчы, аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, а затым палітвязня), што толькі падагравае цікавасць да рамана.

Абедзьве сюжэтныя лініі мудрагеліста і метафізічна пераплятаюцца. Сярод герояў з’яўляецца як найвышэйшы суддзя Ісус Хрыстос, што яшчэ больш інтрыгуе чытача.

Адна з асноўных – і надзвычай важных для сённяшняга драматычнага перыяду  ў гісторыі Беларусі – высноваў, да якіх падводзіць раман “Гэй бэн гіном”: без асуджэння спадчыны таталітарнага сталінскага мінулага, без пакарання злачынцаў, без пакаяння гісторыя можа паўтарыцца зноў.

І ў Беларусі яна паўтараецца проста на нашых вачах, прычым (насуперак вядомаму выслоўю) паўтараецца зусім не ў выглядзе фарсу, а зноў у выглядзе трагедыі: ламае тысячы і тысячы лёсаў, забірае чалавечыя жыцці, робіць няпэўнай будучыню краіны і яе незалежнасць. Улада зноў ваюе з творцамі, зноў складаюцца спісы “крамольных” літаратараў і “крамольных” твораў.

Менавіта таму раман “Гэй бэн гіном” (літаральны пераклад – “Гіенна вогненная”) не мог быць выдадзены кнігаю ў Беларусі.

Паводле прэс-рэлізу