„У пошуках ісціны, або анатомія хлусні”



Набліжаецца 75-годдзе перамогі ў Другой сусветнай вайне. Беларускія краязнаўцы праліваюць святло на суворую праўду вайны. Ставяць кропкі над „і” у трагедыях, якія хавалася доўгія гады.

Праўду пра партызанскую вайну на тэрыторыі Заходняй Беларусі распавядае „Госць Рацыі” краязнаўца і аўтар кнігі „У пошуках ісціны, або анатомія хлусні” Алесь Самец:

– Я паказваю гэту неадэкватную дзейнасць камандзіра партызанскага атраду Дзенісенкі і асобных удзельнікаў гэтага партызанскага атраду ў цэлым і паасобку. На фактах, дакументах ваеннай пракуратуры Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, успамінах партызан яго атраду і сведак. Я знайшоў у архіве такі дакумент, дзе расказваецца пра тое, камісар атраду Філімонаў піша, „учора нашы, Федзя Ватолін, спалілі Тарасавіцкія і Вялетаўскія хутары”. Пад відэазапіс мы сабралі сведчанні людзей старога ўзросту, якія памятаюць пра гэта, а хто не памятае, тым расказвалі бацькі. Мы склалі спіс – прозвішчы 25-ці гаспадароў хутароў, якія спалілі партызаны Міцькі Дзенісенкі. Канешне сёння гэтых партызан ужо няма, іх не запытаеш за што. Версію высоўвалі такую, што калі яны ішлі з лесу, там Налібоцкая пушча за гэтай вёскай, калі яны ішлі на свае гаспадарчыя аперацыі сюды, паліцыя зрабіла засады, і зрабілі засады нібыта на гэтых хутарах. Таму яны і спалілі 25-ць хутароў, прычым два хутары спалілі разам з людзьмі. Тут жылі гаспадары Шэўка і Ракач. Старэйшых сыноў з гэтых сем’яў Міцька забраў да сябе ў атрад. Не пабыўшы ў гэтым атрадзе і месяца, паглядзеўшы, якія там парадкі, чым яны займаюцца, гэтыя хлопцы ўзялі ды ўцяклі з гэтага атраду. Адзін пайшоў вучыцца ў Наваградак, там і гімназія, там і настаўніцкая семінарыя была. Другі пайшоў у іншы партызанскі атрад, які дыслакаваўся каля Свіцязі. Міцька ў якасці помсты забіў іх сем’і. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З госцем Алесем Самцом размаўляла Алеся Адамчук.

Беларускае Радыё Рацыя