У пошуках згубленай калекцыі сядзібы ў Скоках



28 сакавіка 2019 г. а 16:00 гадзіне ў Гісторыка-мемарыяльным музеі „Сядзіба Нямцэвічаў” пройдзе адкрыццё выставы партрэтнага жывапісу ў выкананні мастакоў Берасцейскай вобласці – Мікалая Грушчанкова, Анжалікі Вакуліч і Тыграна Джавадзяна „У пошуках страчанай калекцыі”.

На выставе будуць прадстаўлены копіі партрэтаў вядомых людзей, дзяржаўных дзеячаў, звязаных з гісторыяй сядзібы ў Скоках і 1000-гадовай гісторыяй Берасця. Выстава падрыхтавана пры падтрымцы Генеральнага консульства РП у Берасці.

Калекцыі партрэтаў кіраўнікоў і дзяржаўных дзеячаў, якія збіралі і захоўвалі прадстаўнікі роду Урсын Нямцэвічаў у сваёй сядзібе, з’яўляюцца згубленай часткай гісторыка-культурнай спадчыны 1000-гадовага Берасця. З мэтай захавання нашай гісторыі і культуры Музей „Сядзіба Нямцэвічаў” ажыццяўляе спробу аднаўлення страчанай калекцыі, прыцягваючы да творчасці сучасных мастакоў. У пошуках гістарычных звестак аб партрэтах музей звяртаўся да ўспамінаў Урсын Нямцэвічаў, гістарычнай літаратуры, архіўных дакументаў. Калекцыя ўключала ў сябе партрэты вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

На дадзены момант найбольш вывучанай часткай калекцыі з’яўляюцца партрэты манархаў Рэчы Паспалітай, пра якія знойдзеныя больш дакладныя звесткі ў мемуарах і дакументах. Таму першай часткай калекцыі, якая адраджаецца, стануць партрэты кіраўнікоў Рэчы Паспалітай –  аб’яднанай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.

Выстава калекцыі ўвойдзе ў склад сталай экспазіцыі музея. У ходзе экскурсіі наведвальнікам будзе прадстаўлена інфармацыя не толькі пра галоўныя вехі ў гісторыі таго альбо іншага дзяржаўнага дзеяча, але і яго дзейнасць у кантэксце гісторыі горада Брэста.

Вернісаж выставы «У пошуках згубленай калекцыі»

Калі: 28 сакавіка (чацвер) 2019 года а 16:00 гадзіне

Дзе: Гісторыка-мемарыяльны музей „Сядзіба Нямцэвічаў” (Скокі, вул. Міра, 48б)

Уваход вольны.