У праваслаўных – вадохрышчынская Куцця
У праваслаўных вернікаў сёння – Куцця на Вадохрышча. Напярэдадні Вадохрышча трымаецца строгі пост, пакуль не адбудзецца асвячэнне вады.
18-га студзеня царква ўзгадвае запаветы Святога Пісання, усё, што датычыцца правобразаў і прароцтваў пра Хрышчэнне, пра самую падзею і яе вынікі. Вадохрышча нагадвае пра хрышчэнне Іаанам Хрысціцелем (Прадцечам) – Ісуса Хрыста ў водах ракі Іярдан. Гэтае свята яшчэ называюць Богаяўленнем.
Ужо сёння ў цэрквах праходзяць службы, пасля якіх адбываецца асвячэнне вады. Гэтая вада лічыцца лячэбнай. Ёю акрапляюць хаты і захоўваюць да наступнага свята, п’юць, калі хварэюць. Асвячэнне вады будзе адбывацца таксама на працягу ўсяго дня Вадохрышча – 19-га студзеня да позняга вечара.
Акрамя таго, ёсць традыцыі, звязаныя са святам Вадохрышча. Адна з іх – акунанне ў палонку або купель. Толькі з агаворкай – без шкоды для здароўя.
У народным календары дзень напярэдадні Вадохрышча лічыўся апошнім днём для ўдалай варажбы. Верылі, што снег перад Хрышчэннем мае цудадзейныя ўласцівасці.
Беларускае Радыё Рацыя