У Празе адкрыецца выстава памяці Ларысы Геніюш
У сераду, 12 красавіка, у Празе адкрываецца выстава „Толькі ў Чэхіі я была цалкам беларускай”, прысвечаная Ларысе Геніюш. На адкрыцці будзе акцыя памяці спадарыні Ларысы, на якую завітае ўнук Міхал Геніюш, паведамляе тг-канал „Беларусы Замежжа”.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў згадае, як Беларусь развітвалася з ёй 40 гадоў таму.
Даследчыкі Пётр Гаўлічак і Сяргей Кнырэвіч дададуць гістарычнага кантэксту, а перакладчык Макс Шчур абяцае прэм’еру паэтычных перакладаў на чэшскую.
Выдавец Іржы Браўнэр і перакладчыца Святлана Вранава прэзентуюць чэшскае выданне мемуараў „Споведзь”.
Мерапрыемства адбудзецца 12 красавіка а 16-й гадзіне па адрасе: Národní knihovna ČR (Zasedací sál, vchod A, 1 patro), Klementinum 190, Praha 1.