У разбуранай віцебскай сінагогі будзе новае жыццё



Ад Вялікай Любавіцкай сінагогі, пабудаванай на мяжы 19-20 стагоддзяў, на сённяшні дзень засталіся практычна адны сцены.

Між тым, яна ўяўляе для Віцебску пэўную каштоўнасць: непадалёк жыла сям’я Шагалаў, і ў гэты храм, верагодней за ўсё, хадзіў і бацька мастака, і ён сам. Будынак быў пашкоджаны падчас мінулай вайны, некалькі разоў перабудоўваўся, шмат гадоў трываў без даху пад дажджом і снегам. І тым не менш, захаваў выбітныя рысы “чырвонацаглянай” архітэктуры, характэрнай для тагачаснай віцебскай забудовы, лічыць архітэктар Аляксандр Міхайлюкоў:

– Па сутнасці, гэта, канешне ж, помнік архітэктуры, і даволі высокага ўзроўню. Некалькі разоў прадпрымаліся спробы акрэсліць будучыню гэтага будынка, у 1990-я гады прыходзілі замовы, былі зроблены абмеры, зроблены эскізны праект. Але ўсё так і засталося на паперы.

Будынак былой сінагогі не мае статусу помніка архітэктуры, і не ахоўваецца дзяржавай. Але цяпер у яго з’явіліся пэўныя перспектывы. Віцебскі музей Марка Шагала далучыўся да міжнароднага праекту па захаванні габрэйскай культурнай спадчыны на тэрыторыі Беларусі. Вядома, у якасці сінагогі будынак выкарыстоўвацца не будзе, але ў якасці турыстычнай атракцыі – цалкам верагодна, кажа Ірына Воранава, дырэктарка музею Марка Шагала:

– Першае, што мы робім, – гэта прыборка тэрыторыі. Другім крокам, хутчэй за ўсё, у верасні, стане яшчэ адно мерапрыемства – каб закрыць вокны другога паверху дошкамі з выявамі, якія перагукаюцца з бытавымі сюжэтамі Юдаля Пэна.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол сінагогі было арганізавана прадстаўнікамі сацыяльна-культурнай установы “Vitebsk4me” (“Віцебск для мяне”)пры падтрымцы віцебскіх уладаў. Па завяршэнні прыборкі на дзвярах будынка прымацавалі шыльду з інфармацыяй пра сінагогу і надпісам “Побач з намі – незвычайны помнік мінуўшчыны”. Такім чынам,турыстам ужо ёсць чым зацікавіцца, калі яны ўбачаць паўразбураныя муры з чырвонай цэглы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя