У Рэчках Вілейскага раёна ідуць археалагічныя раскопкі



Раскопкі пачаліся 9 ліпеня на ўскраіне вёскі Рэчкі паблізу Замкавай гары з пячорай. Мясцовыя распавядаюць, што калісьці на месцы гэтай гары стаяў замак, якім кіраваў князь. Археолагі працуюць паблізу Замкавай гары — старажытнага гарадзішча, паведамляе Kraj.by.

У раскопках ўдзельнічаюць больш за 40 чалавек: студэнты гістарычнага факультэта БДУ, валанцёры і выпускнікі.

Кіруе групай загадчыца кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ВНУ Паліна Курловіч. Для археолагаў, тлумачыць спецыялістка, Беларускае Повілле – унікальны рэгіён, калі казаць пра помнікі археалогіі 5-12 стагоддзяў.

Рэгіён знаходзіцца на стыку розных археалагічных культур і супольнасцяў. Падобныя даследаванні даюць навукоўцам адказы на многія пытанні: якая сувязь была паміж селішчамі, як яны з’яўляліся на гэтых землях і як склаўся іх лёс.

Побач з цяперашнімі раскопкамі – найстаражытнейшае селішча. Мясцовасць, кажуць археолагі, цікавая: тут шмат камянёў і спецыфічная геалогія.

Археолагі адзначаюць, што на месцы раскопак незвычайная камяністая глеба.

Першыя раскопкі ў Рэчках правёў археолаг Адам Кіркор. Тады ж выказаў здагадку, што тут быў замак – буйны цэнтр крывічоў дахрысціянскіх часоў.

Паліна Курловіч. Фота Марыны Лебедзевай

Зараз археолагі даследуюць глебу, здымаючы яе літаральна па сантыметры, прасейваюць, прамываюць у рацэ і знаходзяць артэфакты.

 

Археалагічныя раскопкі ў Рэчках завершацца 29 ліпеня. Знаходкі, удакладніла кіраўніца групы, будуць перададзеныя ў фонды вучэбнай лабараторыі БДУ.

Фота: Марыны Лебедзевай