У Рыо-дэ-Жанэйра згарэў Нацыянальны музей Бразіліі



У Рыо-дэ-Жанэйра згарэў Нацыянальны музей Бразіліі, заснаваны яшчэ ў 1818 годзе. Агонь амаль цалком знішчыў калекцыю музея, якая налічвала ажно 20 мільёнаў прадметаў, а таксама большую частку бібліятэкі, перадае Reuters.

Пажар пачаўся раніцай 2 верасня. Тушэнне пажару ўскладняла тое, што да будынка, які гарэў, цяжка было падвесці ваду. Распаўсюду агню спрыяла і тое, што дзеля захавання многіх экспанатаў выкарыстоўваліся хімікаты, якія хутка ўзгараюцца.

Прэзідэнт Бразіліі Мішэль Тэмер заявіў, што згарэўшы музей стаў „неаднаўляльнай стратай для Бразіліі”. „Дзве соткі гадоў працы і даследзінаў страчаны”, – дадаў ён.

Дакладныя страты ад пажару пакуль не падічаны.

Зусім нядаўна Нацыянальны музей падпісаў пагадненне з Бразільскім банкам развіцця, які быў гатовы выдзеліць на рамонт і развіццё музея амаль 5,5 мільёнаў даляраў. Планавалася ў тым ліку паставіць новую сістэму пажарнай бяспекі.
Сам будынак музея ў 19 стагоддзі служыў рэзідэнцыяй партугальскіх каралёў, а пасля бразільскіх імператараў. У музеі пачаткова былі збертыя ўзоры мясцовай флоры і фаўны. Пасля там з’явіліся рэдкія мінералы, кнігі, а таксама археалагічныя артэфакты і іншыя старажытныя каштоўнасці. 

Беларускае Радыё Рацыя