У “Санеце” гасціў паэт Віктар Шніп



У новай слонімскай краме Белкнігі “Санет” гасціў менскі паэт, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп.

На сустрэчу завіталі слонімскія юныя і дарослыя чытачы. Віктар Шніп паказаў і распавёў пра новыя кніжныя выданні выдавецтва, прачытаў свае вершы, адказаў на пытанні прысутных.

З цікавасцю слухалі слонімцы яго ўспаміны з маленства пра любоў да кніг, пра тое, як ён адзін школьнікам упершыню наведаў радзіму Янкі Купалы Вязынку, пра тое, як хлопчыкам закахаўся ў Снягурку і насіў зімою ў лес ёй свае вершы. З юнымі чытачамі Слоніма госць з Менску развучыў цудоўныя радкі паэта Алеся Пісьмянкова:

Без марожанага гіну,

А з марожаным – ангіна!

Віктар Шніп заклікаў усіх слонімцаў наведваць цудоўную кнігарню, дзе прадаецца шмат самых новых кніг беларускіх выдавецтваў.

Пасля сустрэчы ў “Санеце”, Віктар Шніп разам са слонімскім пісьменнікам Сяргеем Чыгрыном наведалі магілу прафесара Алега Лойкі.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара